расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.